1. Дарослыя людзі з інваліднасцю з інтэлектуальнымі парушэннямі (ІП) складана самастойна робяць выбар і прымаюць рашэнне аб неабходнасці навучацца, уяўляюць і фармулююць тое, чаму хочуць навучыцца. Аднак людзі з ІП далучаюцца да вучэбных курсаў, каб:
- стаць больш самастойнымі і аўтаномнымі;
- пашырыць сацыяльныя сувязі;
- вырашыць цяжкасці ў камунікацыі;
- здабыць новыя веды, якія дапамогуць кампенсаваць недахопы чаго-небудзь;
- задаволіць жаданне быць задзейнічанымі.
2. Дарослыя людзі з ІП часта звыклі быць пасіўнымі аб'ектамі працэсу навучання. Для эфектыўнасці навучання ім неабходна стаць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Для гэтага трэба арыентавацца на тое, што навучанне павінна быць максімальна візуалізаваным, практыка-арыентаваным, інтэрактыўным, адаптаваным да патрэбаў і магчымасцей людзей з інваліднасцю.
3. У працэсе навучання людзі з інваліднасцю, іх сваякі і блізкія людзі часта чакаюць, што яны хутка навучацца карыстацца мабільнай прыладай. Але трэба разумець і арыентаваць іх на тое, што адсутнасць хуткага выніку – асаблівасць у навучанні людзей з ІП. У сувязі з гэтым неабходна быць гатовым да таго, што валанцёру або спецыялісту трэба будзе паўтараць і замацоўваць матэрыял некалькі разоў або па заканчэнні некаторага часу вяртацца да яго.
Можна сустрэць наступныя асаблівасці слухачоў з інваліднасцю з ІП:
- складанасць у пастаноўцы мэтаў зніжае ўзровень матывацыі да навучання;
- успрыманне інфармацыі, узровень інтэлектуальнага развіцця і валодання мовай часта ўплываюць на паводзіны, зносіны, камунікацыю, дзейнасць, навучальнасць;
- адсутнасць адчування датычнасці атрымліваемых ведаў да рэальнага жыцця прыводзіць да складанасцей у іх ужыванні.