1. У дарослым узросце чалавек самастойна прымае рашэнне аб неабходнасці навучацца і добраахвотна выбірае тое, чаму хацеў бы навучыцца. Людзі старэйшага ўзросту далучаюцца да вучэбных курсаў, каб:
- быць далучанымі да сацыяльнай групы;
- вырашыць цяжкасці ў адаптацыі;
- здабыць новыя веды, якія дапамогуць кампенсаваць недахопы чаго-небудзь;
- атрымаць задавальненне ад самога працэсу асваення новага.
2. Улічваючы багаты жыццёвы вопыт і ўжо назапашаныя веды, часцяком людзям старэйшага ўзросту неабходна нанова асвоіць ролю «студэнта», «навучэнца». У некаторых выпадках папярэдні вопыт можа тармазіць працэс засваення новага матэрыялу, а неабходнасць даўжэй канцэнтраваць увагу і запамінаць інфармацыю можа выклікаць раздражненне і страх. У такім выпадку лепш звяртацца да сапраўднай матывацыі навучэнца і фарміравання свядомай пазіцыі «дарослага навучэнца».
3. У працэсе навучання чалавек старэйшага ўзросту схільны да пасіўнага ўспрымання інфармацыі і стэрэатыпнага ўяўлення, што выкладчык ведае ўсё пра матэрыял, які выкладаецца. Часцей за ўсё так магло быць у школьныя або студэнцкія гады. Аднак нефармальнае навучанне патрабуе пераасэнсавання працэсу атрымання ведаў і адаптацыі да роляў, дзе выкладчык займае роўную пазіцыю і можа быць малодшым за саміх навучэнцаў. Асабліва варта звярнуць увагу на слухачоў, якія прыйшлі на курс пасля доўгага перапынку ў навучанні. Трэба даць час, каб зноў асвоіцца з роляй «навучэнца».
4. У працэсе навучання чалавек старэйшага ўзросту арыентаваны на неадкладнае прымяненне ведаў без адкладзенага выніку. Гэта патрабуе ўсвядомленага разумення ў навучэнца адукацыйных поспехаў, у тым ліку разумення, на якім этапе ён цяпер знаходзіцца, што ўжо ведае і прымяняе, якія задачы яшчэ неабходна рэалізаваць.
У некаторых крыніцах можна сустрэць наступныя характарыстыкі «студэнта» старэйшага ўзросту:
- крытычнае стаўленне да спробаў кіраваць імі;
- ацэнка інфармацыі праз прызму назапашанага жыццёвага, сацыяльнага і прафесійнага вопыту;
- матывацыя да вучобы носіць прыкладны характар і скіравана на імкненне вырашыць канкрэтныя праблемы;
- успрыманне інфармацыі суправаджаецца эмацыйнай ацэнкай, пры гэтым інфармацыя, якая суправаджаецца адмоўнай эмоцыяй, часта «блакіруецца».