Валанцёрскі рух #яанлайн створаны па ініцыятыве А1 і дзейнічае з 2020 года. Далучыцца да яго можа кожны, хто хоча навучыцца карыстацца смартфонам і мабільным інтэрнэтам або навучыць гэтаму іншых. З самага пачатку праекта асноўнай групай, з якой працуюць валанцёры, з'яўляюцца людзі старэйшага ўзросту, бо яны патрабуюць асаблівага падыходу ў вывучэнні сучасных тэхналогій і дапамогі з боку сваіх блізкіх.
Цяпер у фокусе праекта таксама людзі з інваліднасцю – для гэтага ўжо распрацаваныя метадычныя рэкамендацыі для сацыяльных работнікаў і рыхтуецца да выпуску серыя брашур па засваенні мабільнай граматнасці на Яснай мове, якая будзе зразумела ўсім без выключэння. Дапаможнікі для навучання і самастойнага вывучэння мабільнай граматнасці прадстаўлены на сайце праекта https://ionline.a1.by. Пра тое, як эфектыўна карыстацца навучальнымі матэрыяламі, сацыяльныя работнікі з розных рэгіёнаў краіны даведаюцца падчас праходжання адукацыйнай праграмы #яанлайн.
Навучанне сацыяльных работнікаў, якія ўзаемадзейнічаюць з людзьмі старэйшага ўзросту і людзьмі з інваліднасцю, праходзіць пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Трэнінгі для валанцёраў і сацыяльных работнікаў праводзяцца ў анлайн-фармаце і з'яўляюцца часткай сумеснага праекта А1 і ЮНФПА па павышэнні лічбавай граматнасці, які рэалізуецца ў рамках падпісанага паміж арганізацыямі Пагаднення аб супрацоўніцтве. Дзякуючы гэтаму партнёрству летась ужо быў выпушчаны #яанлайн-даведнік з інструкцыямі для пачынаючых інтэрнэт-карыстальнікаў, а таксама адбылося шэсць майстар-класаў па лічбавай граматнасці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. #яанлайн-навучанне наведалі каля 100 чалавек і яшчэ больш за 500 прайшлі яго ў анлайн-фармаце.
Больш падрабязнасцяў аб валанцёрскім руху #яанлайн і адукацыйнай праграме можна знайсці на сайце праекта.